Навіны

19 красавіка 2019
Парк сямейных дрэў з'явіўся ў Гродне

Парк сямейных дрэў з'явіўся сёння ў Гродне ў скверы на плошчы Дзекабрыстаў. Маладыя закаханыя пары і тыя, хто ўжо адзначыў першыя юбілеі свайго сумеснага жыцця, заклалі алею з пяцідзесяці саджанцаў ліп і клёнаў. Ініцыятыва стварэння зялёнага сквера рукамі жыхароў горада належыць моладзеваму саюзу.

ПАВЕЛ МІХАЛЮК ПЕРШЫ САКРАТАР ГРОДЗЕНСКАГА АБЛАСНОГА КАМІТЭТА БРСМ:
- Мы саджаем парк, дзе сем'і могуць пасадзіць імянное дрэва. Тут устаноўлены імянныя таблічкі, дзе можна будзе бачыць, як расце дрэва – сімвал роду, сімвал дынастыі, нейкіх сямейных дасягненняў і каштоўнасцяў. Таму акцыя носіць сімвалічны характар.

Флэшмоб у яркі сонечны дзень на свежым паветры сабраў сотні жыхароў Кастрычніцкага раёна: ад падгадаваных дзяцей, да гараджан у паважаным узросце. Сваё дрэва кожная сям'я пасадзіла ў спецыяльна адведзеным месцы, а побач усталявала таблічку з генеалагічным дрэвам сям'і. Усе саджанцы высаджаны ў гонар асабістай падзеі-нараджэння дзіцяці, вяселля і іншых важных сямейных падстаў.

УЛАДЗІМІР АКІМАЎ ЖЫХАР ГОРАДА ГРОДНА:
- Наш горад і так прыгожы. Пасадзім сямейныя дрэвы, ён яшчэ будзе больш прыгожым. Мы заўсёды будзем прыходзіць сюды і сачыць за гэтым дрэвам, даглядаць, паліваць яго будзем, калі дажджоў не будзе.

СВЯТЛАНА І ВАЛЕРЫЙ ЛІТВІНЕНКІ ЖЫХАРЫ ГОРАДА ГРОДНА:
- Я лічу, што дрэва-гэта сімвал жыцця, сімвал сям'і, сімвал сілы, сына мы ўжо падымаем на ногі, кватэру мы пабудавалі, засталося толькі пасадзіць дрэва. Вось гэта дрэва нам далі магчымасць сёння пасадзіць, дзякуй вялікі гораду. Будзем цяпер за ім глядзець, назіраць, паліваць і аберагаць.

Паркі сямейных дрэў у хуткім часе з'явяцца ў кожным рэгіёне Беларусі. На Гродзеншчыне алеі з памятнымі знакамі і сімваламі жыцця і любові ўжо з'явіліся ў Скідзелі, Лідзе і Ваўкавыску.

Па матэрыялах «Гродна Плюс»