Навіны

18 мая 2018
Новы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў Гродна

Цяпер гэты вялікі і ўтульны дом у Пагаранах-Кашэўніках ніколі не будзе пуставаць, а дзіцячы смех стане лепшай музыкай на гэтым участку. У гэтым доме сямейнага тыпу цяпер будуць жыць 14 дзяцей. Іван і Марыя - вопытныя бацькі-выхавальнікі, якія з радасцю прымаюць у сваю сям'ю любе дзіця. Старэйшаму хутка споўніцца 18, а самаму маленькаму - усяго 5. Прызнаюцца, у такой вялікай сям'і ёсць свае вялікія плюсы.

Іван і Марыя Найда, бацькі-выхавальнікі дома сямейнага тыпу:

-У нас заўсёды весела. Мы ніколі не сумуем. У нас узаемадапамога, узаемвыручка. Нашы дзеці з павагай ставяцца адзін да аднаго. Дзевяць хлопчыкаў і пяць дзяўчынак - такой кампаніі ўжо сапраўды патрэбен быў вялікі дом з лужком, качэлямі, батутам. Паколькі наперадзе лета, дзеці не будуць сядзець на месцы. Асабліва, калі іх так шмат. Але, на шчасце, цяпер няхай не думаюць, чым заняць сябе на канікулах.

Кірыл Саладоўнік, выхаванец дома сямейнага тыпу:

-Мне ўсё падабаецца: батут, качэлі, гульні, усё, што нам падарылі, дом гэты выдатны.

«Беларусбанк» ужо пабудаваў такіх 16 катэджаў па ўсёй краіне. Толькі ў Гродзенскай вобласці іх тры. Першыя былі ў Слоніме і Ашмянах. Так, дзесяткі дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, здабылі свой вялікі, утульны і поўны любові дом. Акрамя гэтага, упершыню за гады дабрачыннасці «Беларусбанк» зрабіў такой сям'і яшчэ адзін патрэбны падарунак. Гэта аўтобус малога класа. Такая машына разлічана на 16 чалавек. Гэта значыць сям'я ў поўным складзе можа спакойна планаваць сумесныя вандроўкі.

Віктар Ананіч, старшыня праўлення ААТ «АСБ Беларусбанк»:

-«Мы пастаянна удзельнічаем і ў святах, якія праходзяць, працуем па фінансавай пісьменнасці. Дорым падарункі, рыхтуем дзетак да школы».

Такі фармат выхавання дзяцей, якія па тых ці іншых прычынах засталіся без апекі бацькоў, кажуць спецыялісты, бясспрэчна, эфектыўны. Дзеці ўвесь час знаходзяцца не проста пад наглядам дарослых, а - у сям'і. Тут яны вучацца любіць і ведаюць, што такое, калі сапраўды любяць іх.

Мечыслаў Гой, старшыня Гродзенскага гарвыканкама:

-У гэтым годзе да свята горада мы адкрыем яшчэ адзін дом сямейнага тыпу. Ён будзе размешчаны на вуліцы Валковіча. Гэтымі днямі праходзіць конкурс на падбор сям'і, каб гэтая сям'я магла засяліцца і ўзяць на выхаванне не менш за 10 дзяцей.

У кожнага дзіцяці - свая гісторыя, як і чаму ён застаўся без сваіх біялагічных бацькоў. Рознымі дарогамі ўсіх іх лёс прывёў у дом да Марыі і Івана. Цяпер яны не проста на словах браты і сёстры, няхай і з рознымі прозвішчамі, яны сапраўды адна вялікая шчаслівая сям'я.

Па матэрыялах ТВРК "Гродна Плюс".